мастацкія вырабы першага ў Еўропе фарфоравага завода ў г. Майсен каля Дрэздэна, Германія. Завод засн. ў 1710. У 1710—19 выпускаў посуд строгіх форм з каменнай масы і фарфору; у 1720—35 (у «жывапісны» перыяд) пашырана паліхромная надглазуравая і кобальтавая падглазуравая размалёўка посуду; у 1735—63 («скульптурны» перыяд) набылі вядомасць багатыя сервізы, вазы, туалетныя і пісьмовыя прыборы, табакеркі ў стылі ракако, скульпт. фігуры і групы — жанравыя, галантныя, пастаральныя, персанажы «камедыі дэль артэ», жывёл (мадэльеры І.І.Кендлер, І.Г.Кірхнер, І.Ф.Эберлайн). М.ф. ўласцівы вытанчанасць мадэліроўкі, мяккасць пластыкі ў спалучэнні з размалёўкай. Традыцыі керамічнага мастацтва М.ф. захоўваюцца. Марка завода (з 1725) — сінія мячы, нанесеныя падглазуравай размалёўкай. Іл.гл. таксама да арт.Кераміка.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Майсенскі фарфор. Сервіз і дэкаратыўныя кампазіцыі.